«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,

газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.

С.В.Говін.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)